Шэсць дыпломаў у шасці кампетэнцыях

Такі вынік удзелу юных гамяльчан у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці моладзі Hi-Tech.

Першае каманднае месца сярод абласцей краіны — гэта вынік работы не толькі навучэнцаў, але і іх выкладчыкаў. Ягору Караткевічу, выхаванцу Гомельс­кага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, здаецца, расказваць пра свае дасягненні больш цяжка, чым ствараць сайт. Менавіта такое заданне вучань 9 класа гомельскай школы № 40 выконваў на конкурсе і ўрэшце заваяваў 1-я месца ў кампетэнцыі “Вэб-дызайн”. Юнак расказвае, што займацца ў цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі прыйшоў толькі год назад разам з сябрам і аднакласнікам.
 

Выкладчык Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Андрэй Макеенка з пераможцам Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці моладзі Hi-Tech Ягорам Караткевічам.

— Хваляванне было — калі ўручалі дыпломы і я чакаў, якое ж месца заняў, — успамінае Ягор уражанні ад удзелу ў конкурсе. — Напярэдадні мы рыхтаваліся разам з выкладчыкам Андрэем Сяргеевічам Макеенкам. Былі тры заданні — зрабіць некалькі старонак сайта, стылізацыю сайта і рэкламны банер-анімацыю. Можна было выкарыстоўваць толькі карцінкі, якія былі дадзены, або намаляваць самому. Мне здаецца, што вэб-дызайнам можа займацца любы чалавек. Важна мець мастацкі густ і добра ведаць матэматыку. Зараз мы робім дзіцячую гульню на тэму фінансавай дасведчанасці. Хочам навучыць дзяцей размяркоўваць грашовыя сродкі. А яшчэ рыхтуемся да наступнага Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, які пройдзе ў сакавіку.

Ягор пакуль што не выбраў УВА, куды бу­дзе паступаць, але думае, што накіруе свой позірк у бок фундаментальнай навукі. Яго педагог Андрэй Макеенка ганарыцца не толькі дасягненнямі выхаванцаў на прэстыжных конкурсах, але і тым, што дае вучням веды, якія дазваляюць ім зарабляць грошы яшчэ да таго, як яны дасягаюць паўналецця.

— Мае дзеці ў 16—17 гадоў могуць выйсці на стабільны заробак. Я даю веды, дзякуючы якім яны могуць ствараць сайты. У мяне ёсць ужо некалькі вучняў, якія паступілі ў інстытут і адначасова знайшлі падпрацоўку.

— Ці сустракаліся з сітуацыяй, калі баць­кі настойваюць, каб дзіця абавязкова стала айцішнікам, нягледзячы на яго прыродныя схільнасці?

— Сапраўды, такая праблема ёсць. Прыводзяць за руку і кажуць: “Зрабіце з майго дзіцяці праграміста!”. Звычайна я праз некалькі заняткаў бачу, куды далей хлопчыку ці дзяўчынцы расці. У выпадку, калі ў вучня няма цікавасці, гавару бацькам, што магу нечаму навучыць, але ён ніколі не палюбіць гэтую справу. Усе ж не могуць быць айцішнікамі. Пры гэтым дзіцяці не цяжка гэта растлумачыць — яно звычайна асэнсоўвае, што яму насамрэч цікава. Цяжка бывае з бацькамі. Не ўсе ўспрымаюць станоўча, некаторыя ў нашчадку спрабуюць увасобіць свае мары. У мяне была дзяўчынка, якая цяпер стала займацца дызайнам адзення. Яе бацькі ўрэшце ўдзячны, што так атрымалася.

— Падрыхтоўка да конкурсаў, у тым ліку рэспубліканскіх, — гэта асаблівая частка вашай работы…

— Дзеці, якія займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах, звычайна атрымліваюць пэўныя бонусы пры паступленні ва УВА. Але мы тут вучым іх не толькі ствараць сайты. Важна не толькі выканаць дадзенае заданне, ства­рыць прадукт, але і абараніць яго. Дзецям бывае цяжка. Мы перад спаборніцтвамі рыхтуем нашых падлеткаў. З імі разам рэпеціруем абарону праектаў, задаём ім каверзныя пытанні. Яны паступова арыентуюцца і гатовы да пытанняў, якія могуць быць на конкурсах. Дарэчы, гэтыя навыкі ім абавязкова спатрэбяцца, калі яны паступяць ва УВА і там будуць абараняць курсавыя і дыпломныя работы. Калі загадзя навучацца — ім будзе лягчэй у далейшым жыцці.

3-е месца ў кампетэнцыі “Прататыпаванне” вучань 9 класа гомельскай школы № 5 Іван Літвінаў не лічыць для сябе дасягненнем. Хлопец, які ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі займаецца некалькі гадоў, гаворыць, што можна было б і лепш.

— Невялікае хваляванне было. Заданне было нескладаным. Па чарцяжах мы рабілі механізм, які трэба было раздрукаваць на 3D-прынтары. Але я вельмі паспяшаўся хутчэй здаць. І гэта была мая памылка.

Вучань педагога Уладзіслава Улашэвіча гаворыць, што інфармацыю пра ўстанову дадатковай адукацыі знайшоў сам у інтэрнэце, але спачатку хацеў займацца толькі радыёэлектронікай:

— Гэта была мая першапачатковая мэта. Потым мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў 3D-мадэляванні. Я адказаў: так, давайце паспрабуем. Для таго каб гэтым займацца, у першую чаргу трэба мець прасторавае мысленне і добра ведаць матэматыку. Ну і без уседлівасці нічога не атрымаецца. Я пачынаў з распрацоўкі самых простых мадэляў, а цяпер займаюся тэхнічным і творчым мадэляваннем. Калі на тэхнічным раблю нейкія дэталі механізмаў, то на творчым — розныя выявы. 3D-мадэляванне ўжо сёння выкарыстоўваецца ўсюды, напрыклад, у кінематографе — для стварэння нейкіх эфектаў. У прамысловасці дэталі так можна рабіць.

Пакуль такія заняткі толькі хобі для маладых людзей, але школьнікі ўпэўнены, што ўрэшце яно паўплывае на выбар прафесіі. Загадчык інфармацыйна-тэхнічнага аддзела Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Дзяніс Ляпшэй таксама падрыхтаваў аднаго з пераможцаў конкурсу. Яго выхаванец Уладзіслаў Кукобнікаў узяў 2-е месца ў кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне”.

— Кірунак IT-тэхналогій у цэнтры ўзнік адносна нядаўна — калі мы з Андрэем Макеенкам прыйшлі працаваць у цэнтр, у 2014—2015 гадах. Вось тады тут і пачалі з’яўляцца гурткі, у якіх дзеці займаюцца інфармацыйнымі тэхналогіямі і робататэхнікай. Спачатку былі толькі інфарматыка, праграмаванне і робататэхніка, потым з’яўляліся новыя выкладчыкі і новыя дысцыпліны. Цяпер у нас кожны напрамак дзеліцца на сектары. Напрыклад, робататэхніка — гэта WEDO 2.0 + Scratch, робататэхніка EV3, робататэхніка ARDUINO. Для кожнага ўзросту — а мы пачынаем працаваць з дзецьмі з шасці гадоў — свае ўзроўні складанасці. За чатыры гады мы стварылі шматузроўневую сістэму навучання ў дадатковай адукацыі, якая распрацавана ад “а” да “я”. Ёсць пачатковыя курсы, калі дзіця знаёміцца з камп’ютарам, робіцца паступовае ўвядзенне ў алгарытмізацыю… Навучэнец наглядае і за тым, чым займаюцца старэйшыя хлопцы і дзяўчаты. Паступова вызначаецца канкрэтная цікавасць: нехта зацікавіцца камп’ютарнымі камплектуючымі, нехта — мадэляваннем, хтосьці — сеткавай бяспекай ці распрацоўкай гульняў…

Дарэчы, сёння ў тых гуртках Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, дзе вывучаюць інфармацыйныя тэхналогіі, займаецца прыкладна 120 чалавек. Запісвацца на заняткі трэба загадзя, у пачатку навучальнага года — потым можа не быць месцаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Источник: Ng-press.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *