На адной хвалі з дзецьмі

Ён мог бы зарабляць вялікія грошы ў якой-небудзь ІТ-кампаніі, але абраў іншы шлях. Хаця ў выпадку Дзяніса Канстанцінавіча Ляпшэя гэтае пытанне спрэчнае. Калі паглядзець на працоўную біяграфію маладога педагога, то здаецца, гэта якраз той выпадак, калі не ты выбіраеш шлях, а шлях выбірае цябе.

Студэнт факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржуніверсітэта Дзяніс Ляпшэй у 2014 годзе трапіў на практыку ў Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці. Адказны і зацікаўлены хлопец прыйшоўся даспадобы кіраўніцтву цэнтра, і яму прапанавалі застацца тут і працягваць працаваць з дзецьмі. Грошы невялікія, але для студэнта добрая магчымасц­ь, і Дзяніс пагадзіўся. Скончыў універсітэт, атрымаў статус маладога спецыяліста — і пайшоў адлік двухгадовай адпрацоўкі. У педагога ўсё атрымлівалася выдатна, у калектыве ён даўно стаў сваім, а з дзецьмі заўсёды ўмеў знайсці паразуменне. Але праз два гады Дзяніс Канстанцінавіч прыйшоў да дырэктара з заявай аб звальненні. Аргументаваў шчыра: малы заробак, а яму трэба станавіцца на ногі, бо ён ужо дарослы малады чалавек.

Заяву дырэктар прыняла, але прапанавала падумаць над тым, каб застацца з перспектывай стаць загадчыкам аддзела інфармацыйных тэхналогій — якраз у гэты час у штатным раскладзе з’явілася новая пасада. Сумненняў у хлопца, відаць, было нямала, хуткага рашэння не прымаў, а ў той дзень, калі ён адчыніў дзверы ў кабінет дырэктара цэнтра, каб сказаць, што застаецца, заява аб звальненні была падпісана і прыкладзена да загаду пад пэўным нумарам. “Сёння вы звольніліся з месца працы, а заўтра мы прымаем вас на працу зноў, толькі ўжо на пасаду загадчыка аддзела”, — з лёгкасцю вырашыла пытанне кіраўнік Цэнтра тэхнічнай творчасці Наталля Алейнік. Яна прызнаецца, што ніколі не пашкадавала аб сваім рашэнні.

— Інтэлігентны, пісьменны, адказны, актыўны, — характарызуе свайго работніка Наталля Анатольеўна. — Менавіта з пры­ходам Дзяніса Канстанцінавіча ў нас пачалі актыўна развівацца гурткі ІТ-скіраванасці, прычым не толькі ў Гомелі, але і па ўсёй вобласці. Я магу ўпэўнена сказаць, што амаль усе новыя ідэі і кірункі, якія сёння рэалізоўваюцца ў цэнтры, належаць менавіта яму.

Калі здараецца назіраць за гэтым педагогам падчас заняткаў з выхаванцамі ці на дзіцячых ІТ-спаборніцтвах, бачу, як гараць у яго вочы, як хвалюецца ён за каманду і за кожнае дзіця асобна. Дзеці яго любяць, кажуць, ён з імі на адной хвалі. Усе былыя выхаванцы Дзяніса Ляпшэя зараз з’яўляюцца студэнтамі ўніверсітэтаў, вывучаюць праграмаванне. І яны прызнаюцца, што часта звяртаюцца да любімага педагога па дапамогу ці параду. Іх настаўнік пра гэта не ведае, але паміж сабой падапечныя даўно ласкава называюць яго ДзіКей — вось так, па-айцішнаму, скарацілі яны імя Дзяніса Канстанцінавіча, і яно падаецца ім цёплым і блізкім.

Д.К.Ляпшэй загадвае аддзелам, а спраў у яго — вялізнае поле. Ён кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах “Сістэмнае і сеткавае адміністраванне”, “Сеткавая бяспека”, “Візуальнае праграмаванне Scratch”, “Робататэхніка LegoWeDo”. У гэты спіс можна дабавіць яшчэ і індывідуальныя заняткі з выхаванцамі цэнтра. Арганізацыя абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў “Патрыёт.by”, “Відэапанарама 360”, JuniorSkills, Hi-Tech заўсёды на яго плячах. А такія папулярныя абласныя конкурсы, як JuniorScratchDeveloper і ROBOQUEST, без Дзяніса Канстанцінавіча нават нельга ўявіць. Сёння малады педагог актыўна прасоўвае ў вобласці кірунак робататэхнікі ў рамках JuniorSkills і самастойна распрацоўвае рэгламент абласнога турніру па робататэхніцы. А яшчэ ў яго хапае часу на рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі адукацыйнага цэнтра “Дзіцячы тэхнапарк” як рэсурсу развіцця навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі”.

Ёсць такая думка (і яна правільная): вынікам працы педагога лічацца дасягненні яго вучняў. І тут таксама ёсць што сказаць! У 2016 годзе выхаванцы Дзяніса Ляпшэя Ян Міскін і Арцём Варывончык занялі 1-е месца на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства JuniorSkills у кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне”. У 2017 годзе Уладзіслаў Кукобнікаў заняў 2-е месца на абласным этапе конкурсу HI-Tech у кампетэнцыі “Сістэмнае адмі­ністраванне”, а ў 2018 годзе хлопец зноў стаў пераможцам у той жа кампетэнцыі ў спаборніцтве JuniorSkills.

Няма сумненняў, што ў вучняў гэтага выдатнага майстра наперадзе шмат перамог, а ў яго галаве яшчэ народзіцца мноства цікавых ідэй, накіраваных на ўцягванне моладзі ў сферу інфармацыйных тэхналогій, папулярызацыю IT у маладзёжным асяроддзі і павышэнне ўзроўню ведаў падрастаючага пакалення. Як часта гаворыць сам Дзяніс Канстанцінавіч, ІТ-сфера сёння дае вялікае поле для дзейнасці і магчымасці зарабляць добрыя грошы, але хтосьці павінен быць альтруістам і вучыць дзяцей.

Наталля Лутчанка.

Источник: Ng-Press.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *