Калі прагрэс палохае, уключыце яго ў свой бізнес-план

Сфера высокіх тэхналогій сёння адна з найпапулярнейшых. Бацькі разглядаюць яе як надзейную будучыню для сваіх дзяцей. Самі ж дзеці, акрамя стабільнага заўтра, бачаць у ІТ-дзейнасці сапраўдную цікавасць, яны хочуць займацца праграмаваннем і робататэхнікай таму, што іх гэта вабіць. Зразумела, не ўсім быць праграмістамі, але ж даць магчымасць развівацца ў дадзеным кірунку кожнаму зацікаўленаму неабходна. Значная роля ў гэтай справе адводзіцца дадатковай адукацыі, у першую чаргу цэнтрам тэхнічнай творчасці.

У верасні 2015 года ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці стартаваў праект пад назвай “ІНАПАРК — дзіцячы цэнтр навуковых адкрыццяў”, а па сутнасці гэта цэлая адукацыйная праграма, з якой у мінулым годзе Цэнтр тэхнічнай творчасці далучыўся да інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дзіцячага тэхнапарка як рэсурсу развіцця навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі”. Як арганізавана навучанне ў “ІНАПАРКУ”, якія адукацыйныя праграмы там прапануюць дзецям і што новае чакае навучэнцаў у блізкай перспектыве — пра гэта пойдзе размова з дырэктарам Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Наталляй АЛЕЙНІК.

— Наталля Анатольеўна, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой створаная ў вашым цэнтры адукацыйная сістэма, накіраваная на вывучэнне тэхналогій новага пакалення.

— У цэнтры створана шматузроўневая бесперапынная сістэма адукацыі ў галіне электронікі, робататэхнікі, IT-тэхналогій і прыродазнаўча-матэматычных навук. Такая сістэма адукацыі ўяўляе сабой сучасны навукова-адукацыйны комплекс (STEM-адукацыя). Ён служыць платформай для атрымання дзецьмі інжынернай адукацыі і прызначаны на выхадзе даць ім моцную базу для паступлення ў тэхнічныя каледжы і ўстановы вышэйшай адукацыі.

Сёння прафесія інжынера змянілася. Сучасны спецыяліст павінен вало­даць не толькі асноўнай кампетэнцыяй, але і скразнымі. Менавіта на рознабаковую падрыхтоўку будучага інжынера і накіраваны фармат нашага праекта.

У дзіцячым цэнтры прадстаўлены шырокі спектр адукацыйных праграм па вывучэнні інфармацыйных тэхналогій. За перыяд работы праекта распрацавана, апра­бавана і ўкаранёна больш за дзесяць праграм, якія накіраваны на фарміраванне IT-кампетэнцый навучэнцаў, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту. Што важна, аб’яднанні па інтарэсах дыферэнцыраваны на некалькі гадоў навучання і прадугледжваюць перакрыжаванае вывучэнне ІТ у рамках розных напрамкаў.

— Да вас прыходзяць дзеці з 6 гадоў. Наколькі магчыма данесці да такіх маленькіх навучэнцаў сучасныя веды?

— Так, мы прытрымліваемся шмат­узроўневай адукацыйнай сістэмы. Як правіла, яна разлічана на некалькі гадоў і дапамагае дзецям атрымліваць веды паступова, згодна з іх узростам, а на выхадзе бачыць пэўны вынік. Для самых маленькіх навучэнцаў мы адкрылі навукова-даследчую лабараторыю “Кулібінград”, якая дазваляе пачынаць вывучэнне асноў электронікі і фізікі з 6-гадовага ўзросту. Дарэчы, па дадзенай праграме загадчык інструктыўна-метадычнага аддзела нашага цэнтра і педагог дадатковай адукацыі Вікторыя Макеенка распрацавала для дзяцей вучэбна-метадычны комплекс і дапаможнік з дапоўненай рэальнасцю. Ён быў адзначаны дыпломам I ступені на заключным этапе XVIII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

— На вашу думку, якая роля Цэнтра тэхнічнай творчасці ў прафесійным самавызначэнні школьнікаў?

— 90% навучэнцаў нашай установы плануюць паступленне ў тэхнічныя УВА. З гэтай нагоды ў цэнтры пра­цуюць аб’яднанні “Юны фізік” і “Юны матэматык”, заняткі ў якіх вя­дуць спецыялісты з гомельскіх універсітэтаў. Такім чынам, у нашых дзяцей ёсць магчымасць паглыблена вывучаць асноўныя прадметы, а таксама рыхтавацца да здачы цэнтралізаванага тэсціравання і да паступлення ва ўніверсітэт. Важную ролю ў прафесійным самавызначэнні адыгрываюць педагогі цэнт­ра. Іх запал, прафесіяналізм, уменне працаваць з дзецьмі з’яўляюцца вызначальнымі. Акрамя таго, асаблівасці тэхнічных прафесій дзеці пазнаюць падчас тэматычных канікул, знаходжання ў профільных лагерах, пры правядзенні квест-гульняў, экскурсій, сустрэч з прадстаўнікамі розных галін. Хлопчыкі і дзяўчынкі паглыбляюцца ў свет прафесіі, бачаць яе з розных бакоў, і іх выбар усвядомлены.

— Ведаю, што вы прытрымліваецеся прынцыпу пастаяннага развіцця, заўсёды ў пошуку новых падыходаў. Што асаблівага чакаецца ў надыходзячым навучальным годзе?

— У сувязі з запатрабаванасцю на рынку працы спецыялістаў па сеткавай бяспецы, графічным дызайне, праграмістаў у галіне гульнявой індустрыі, 3D-мадэлістаў па рабоце з віртуальным асяроддзем і анімацыяй зараз распрацоўваюцца два курсы комплекснага навучання — GameDEV і “Сеткавая бяспека”. Выкладаць кожны вучэбны комплекс будуць вузкапрофільныя спецыялісты, прычым па 2—3 на кожны курс. Старт новых кірункаў запланаваны на верасень 2019/2020 навучальнага года.

З 2016 года на базе цэнтра, у рамках праекта “ІНАПАРК”, актыўна развіваецца інавацыйны кірунак “Адукацыйная робататэхніка”. Вывучэнне робататэхнікі адбываецца на трох узроўнях: ад падрыхтоўчага — да прасунутага. Вопыт работы паказаў, што да выкладання праграмы “Адукацыйная робататэхніка” на прасунутым узроўні неабходна прыцягваць адначасова некалькі вузкапрофільных спецыялістаў па праграмаванні, электроніцы, 3D-мадэляванні і прататыпаванні. Менавіта такі падыход дасць магчымасць павысіць якасць выкладання. Пачаць работу над новым вучэбным комплексам і заняцца падборам спецыялістаў мы плануем ужо ў верасні.

— Відавочна, што вам удалося стварыць моцную базу для навучання дзяцей. Моцную ў сэнсе сучасных праграм, сучаснага абсталявання і сучасных прасунутых педагогаў. Ці ёсць у гэтым нейкі сакрэт?

— Асноўная роля дадатковай адукацыі — развіццё здольнасцей дзяцей. Выберуць яны кірунак, якім займаліся ў нашым цэнтры, справай жыцця ці не — гэта другаснае. Мы бачым сваёй задачай даць падрастаючаму пакаленню магчымасць вучыцца, спрабаваць, не проста назі­раць, а быць удзельнікамі тэхнічнага працэсу. Дзеля гэтага нам неабходна пастаянна развівацца самім і не баяцца апрабоў­ваць новае, нязведанае. Я кіруюся тым, што, калі прагрэс пужае, яго трэба ўключаць у свой бізнес-план.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Источник: NG-Press.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *